У 2022 годзе ў гродзенскай турме аднакамернікі да смерці збілі зняволенага. Пра гэта расказаў у сваіх сацсетках экс-палітзняволены анархіст Мікалай Дзядок.
Паводле Дзядка, у ліпені 2022 года ў гродзенскай турме памёр зняволены з прозвішчам Шыпуль, які атрымаў велізарны тэрмін, быў у нізкім статусе і «трохі з ментальнымі разладамі».
«Яго закінулі ў вялікую „пеўневую хату“ (камеру са зняволенымі нізкага статусу. — Заўв. рэд.). А там пеўні — натуральнае звяр’ё, „прэсоўшчыкі“ (ціснуць на іншых зняволеных на загад адміністрацыі. — Заўв. рэд.). Не ўсе, вядома, але многія з іх. І вось яго закінулі ў гэтую хату, а ў яго раздваенне асобы — ён мог красці, залазіць у чужыя кешары (торбы з рэчамі і прадуктамі зняволеных. — Заўв. рэд.). Ну, яго пачалі паступова біць», — расказаў экс-палітвязень.
Паводле яго, Шыпуля бачылі са слядамі збіцця на праверцы, а аператыўнаму супрацоўніку Сыраваткіну прапаноўвалі забраць яго з камеры, «таму што будзе тут надзвычайнае здарэнне». Аднак той адказаў: «Мне пох*й».
«І ў выніку пасля чарговага крадзяжу ў дворыку прагулачным яго пачалі біць усім кагалам гэтыя „пеўні“, білі-білі — разрыў селязёнкі, гематома ўнутраных органаў, нырку адбілі яму. Пасля такой сітуацыі ўсіх адправілі ў штрафны ізалятар, разам з Шыпулём», — працягвае Дзядок.
Толькі праз пяць сутак мужчыну павезлі на хуткай у бальніцу, дзе ён прабыў некалькі дзён.
«Чамусьці яму не зрабілі аперацыі. Я не ведаю чаму. І вярнулі назад у турму. Але да сваёй камеры ён не дайшоў. Ён памёр проста на прадоле (у калідоры паміж камерамі. — Заўв. рэд.)», — паведаміў Дзядок.
Паводле яго, сілавікі ў выніку выбралі сярод зняволеных «таго, хто найменш карысны», і на яго «павесілі гэтае забойства цалкам, хоць білі яго там усе». Гэтаму чалавеку дадалі 14 гадоў асаблівага рэжыму.
Мруць як мухі
У гродзенскай «крытай» турме людзі «мруць як мухі» праз амаль адсутную меддапамогу, адзначае Дзядок.
«Толькі пры мне там ад вылечных хвароб загінулі тры чалавекі», — паведаміў ён.
Са словаў Дзядка, аднойчы чалавека разбіў інсульт проста ў камеры:
«Вы думаеце, яго вывезлі на бальніцу? Не, яму проста прынеслі жменю розных прэпаратаў і сказалі: „На, еш, вось табе расклад, што як есці, і ўсё, і жыві, тусуйся далей“. Дык мала таго, яму далі пасцельны рэжым, удумайцеся — чалавеку з інсультам. А праз месяц прыйшоў начмед і сказаў: „Не, слухай, чувак, нешта табе тлуста пасцельны рэжым. Ты валяешся на ложку цэлымі днямі“. І напісаў яму ў даведцы ведаеце што? Пасцельны рэжым без права на сон. То-бок чалавек, які перажыў інсульт, цяпер можа ляжаць, але калі ён ужо заплюшчыць вочы, то на яго складуць акт і пасадзяць яго ў ШІЗА (штрафны ізалятар. — Заўв. рэд.)».
Дзядок нагадаў пра смерць у Гродне палітвязня Алеся Пушкіна з прабадной язвай.
«Яны кажуць: „Мы так змагаемся са злачыннасцю“. Ледзь не прамым тэкстам яны кажуць, што, „чым больш вас тут памрэ, тым лепш для крымінагеннага становішча ў Беларусі“», — адзначыў Дзядок.




