Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск папярэдзіў пра рэальную пагрозу выхаду Польшчы з Еўрасаюза, абвінаваціўшы прэзідэнта Караля Наўроцкага і правыя апазіцыйныя партыі ў тым, што яны вядуць краіну да разрыву з ЕС.
«Polexit сёння ўяўляе рэальную пагрозу! Яго хочуць абедзве „Канфедэрацыі“ (дзве фракцыі ультраправага альянсу „Канфедэрацыя“. — Заўв. рэд.) і большасць сябраў партыі „Права і справядлівасць“ (ПіС). Наўроцкі — іх заступнік. Расія, амерыканская партыя MAGA і еўрапейскія правыя на чале з Орбанам хочуць разбурыць ЕС. Для Польшчы гэта была б катастрофа. Я зраблю ўсё магчымае, каб спыніць іх», — напісаў Туск у Х.
Як адзначае Politico, папярэджанне прэм’ера прагучала на фоне скандалу з вета, накладзенага Наўроцкім на закон, які дазволіў бы Польшчы атрымаць да 43,7 млрд еўра нізкапрацэнтных крэдытаў ЕС на абарону. Урад Туска не мае парламенцкай большасці, каб пераадолець вета, што стварае няпэўнасць у фінансаванні планаваных выдаткаў на абарону, якія сёлета маюць дасягнуць амаль 5% ВУП.
Туск папярэдзіў, што вета Наўроцкага можа аслабіць пазіцыі Польшчы ўнутры ЕС.
Між тым былы польскі міністр па справах Еўропы ад ПіС Конрад Шыманьскі заявіў, што гэтая правая партыя рухаецца па «дарозе да Polexit». Ён правёў паралелі з палітычнай сітуацыяй, якая папярэднічала галасаванню Вялікабрытаніі пра выхад з ЕС (Brexit) у 2016 годзе.
Апошнія апытанні паказваюць, што падтрымка выхаду Польшчы з ЕС у краіне застаецца нізкай, аднак больш не ёсць цалкам маргінальнай. Паводле звестак даследаванняў, прыкладна ад адной дзясятай да адной чацвёртай часткі палякаў гатовыя падтрымаць запуск Polexit, хоць большасць па-ранейшаму выступае за захаванне сяброўства ў ЕС.




