Пра Джона Коўла большасць беларусаў пачула толькі ў чэрвені 2025-га: тады ён у складзе амерыканскай дэлегацыі, якую ўзначальваў спецпасланнік Дональда Трампа Кіт Келаг, сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. З таго часу ён пабываў у Мінску яшчэ двойчы, нязменна звозячы з сабой вызваленых палітвязняў, а яшчэ атрымаў статус спецыяльнага прадстаўніка ЗША па Беларусі. Першае інтэрв'ю медыя з нашай краіны Джон Коўл даў «Люстэрку». Мы спыталі, чаго менавіта Вашынгтон хоча ад Аляксандра Лукашэнкі, ці ёсць у Штатаў чырвоныя лініі ў зносінах з ім і ці абмяркоўваецца спыненне рэпрэсій у Беларусі. Размаўляючы з намі, Коўл заклікаў «аддаць належнае» Лукашэнку і адмовіўся адказваць на пытанне, ці лічыць яго дыктатарам.
«Гэта філасофія дыпламатыі Дональда Трампа: вы будуеце адносіны і гледзіце, куды можна рухацца далей»
— Вы казалі, што ў найбліжэйшай будучыні на волю можа выйсці яшчэ 1000 палітвязняў. Цяпер цяжка ўявіць крок, сур’ёзнейшы за зняцце санкцый з калію. ЗША гатовыя прапанаваць Лукашэнку нешта яшчэ за вызваленне такой вялікай групы вязняў?
— Большасць санкцый была ўведзеная праз з’яўленне палітвязняў у 2020 годзе. Таму калі многія будуць вызваленыя ў найбліжэйшай будучыні, то прычына для абмежаванняў — або іх часткі — знікне. Менавіта гэта я і разглядаю як прапанову прэзідэнту Беларусі.
— Большасць з вызваленых 13 снежня 123 чалавек выслалі ва Украіну. Ці стала гэта для вас сюрпрызам? Калі менавіта на стале перамоваў з’явілася пытанне пра ўкраінскі кірунак?
— Не, гэта не было сюрпрызам. Хутчэй гэта было звязана з лагістыкай, чым з нечым яшчэ. Зняволеныя знаходзіліся фізічна бліжэй да Украіны. І наш пункт гледжання быў такі: нам было ўсё роўна, дзе яны апынуцца пасля вызвалення. Мы забралі частку з іх у Літву, але большасць паехала праз Украіну. Гэта не было вялікай праблемай, гэта лагістыка. Украінцы вельмі годна прынялі ўсіх, і мы арганізавалі сустрэчу людзей. Некаторыя з іх паехалі праз Польшчу, але наша праца — выцягнуць іх з турмы.
У інтэрв'ю «Люстэрку» экс-палітвязень Павел Севярынец расказваў, што яго на мяжу з Украінай, якая знаходзіцца на поўдні краіны, вывезлі з турмы ў Гродне, размешчаным на захадзе Беларусі. Мужчыну канваявалі больш за суткі з мяшком на галаве.
— У інтэрв'ю WSJ вы заявілі, што вам «усё адно, з кім мы размаўляем. Гэта сапраўды ў стылі Трампа. Няважна, з кім ты размаўляеш, калі гэты чалавек можа даць табе тое, што ты хочаш, — вось і ўсё, што мае значэнне». Чаго менавіта ЗША хочуць ад Лукашэнкі?
— Злучаныя Штаты хочуць вызваліць палітвязняў, і мы развіваем нармальныя адносіны з вашай краінай. Гэта працэс, які зойме час, але мэта такая: у канчатковым выніку весці бізнес з Беларуссю, вярнуць яе ў міжнародную супольнасць.
— Дзе для вас праходзяць чырвоныя лініі ў зносінах з Лукашэнкам? Ці ёсць рэчы, на якія вы ніколі не пойдзеце дзеля ўгоды з ім?
— Гэтае пытанне пакуль не ўзнікала. На цяперашнім этапе я не ведаю. Але адна рэч, якая ігнаравалася ўвесь гэты час: я думаю, што Лукашэнку трэба аддаць належнае за вызваленне гэтых людзей, незалежна ад таго, дзеля чаго гэта робіцца ці якія яго матывы. На волі ўжо больш за 250 чалавек. І калі б Лукашэнка не пайшоў на гэта, яны б усё яшчэ былі ў турме. Лічу, што трэба аддаць яму належнае. Было б выдатна, калі б усе былі на волі, але на гэтым этапе я знаходжуся не ў гэтым пункце.
— Вы сустракаліся з Лукашэнкам ужо тройчы. Як вы ацэньваеце яго як перамоўніка? Ці адчуваецца, што ён сур’ёзна рыхтуецца да вашых сустрэч і добра арыентуецца ва ўсіх тэмах?
— У нас вельмі добрыя дыпламатычныя адносіны. Мы ладзім. І гэта тое, у што я веру. Паслухайце, гэта філасофія дыпламатыі Дональда Трампа: вы будуеце адносіны і гледзіце, куды можна рухацца далей. І менавіта гэта мы робім з Лукашэнкам. І гэта тое, што прэзідэнт Трамп робіць з усімі. Ён нават перапісваецца з мэрам Нью-Ёрка [Захранам Мамдані], які з’яўляецца сацыялістам. Так што я думаю, філасофія Трампа такая: калі сумняваешся — размаўляй.
— Пасля ўсіх вашых сустрэч ці лічыце вы Лукашэнку дыктатарам?
— Я не буду адказваць на гэтае пытанне цяпер. Ведаеце, на гэтым этапе гэта не мне вырашаць.
«Калі яны арыштоўваюць новых людзей, то мы дабяромся да гэтага пазней, пасля вызвалення першай партыі»
— На вашую думку, Беларусь мусіць заставацца на арбіце Расіі ці мае права выбраць іншы, заходні, шлях?
— У самым пачатку [дыялогу] з Беларуссю мы вызначылі, што Злучаныя Штаты і я не будзем умешвацца ў яе адносіны з Пуціным ці Расіяй. На гэты момант, як я ўжо казаў, нашая праца — выцягнуць палітвязняў. Што будзе пасля гэтага? Пажывём — пабачым. Але мы не ўмешваемся ў адносіны, якія ў Лукашэнкі з Пуціным ёсць ужо амаль 30 гадоў. Гэта не тое, чым я займаюся. Гэта не мая місія.
— У Беларусі дагэтуль пераследуюць грамадзян за іх палітычную пазіцыю. З моманту, калі вы вызвалілі 123 чалавекі, 40 новых прызналі палітвязнямі. У 2025 годзе ў Беларусі па палітычных матывах асудзілі не менш за 1254 чалавекі. Рэпрэсіі ў нашай краіне не спыняюцца ні на хвіліну. Ці ёсць сярод патрабаванняў ЗША пункт пра іх спыненне?
— Я буду гаварыць з Лукашэнкам пра гэта, але нашая пазіцыя — выцягнуць тых, каго пасадзілі ў раёне 2020-га, пасля выбараў. Гэта нашая місія. Калі яны арыштоўваюць новых людзей, то мы вернемся да гэтага пазней, пасля таго як вызвалім першую партыю. А гэта ад 900 да 1000 чалавек, усе тыя людзі, якія там. Мая місія — выцягнуць іх. Потым мы пагаворым пра тое, што адбываецца ў Беларусі.
— На якім этапе перамоваў вы даведваецеся, каго менавіта адпусцяць? У верасні вы казалі, што ЗША не фармуюць спісаў, гэтым займаецца беларускі бок. З таго часу нешта змянілася?
— Мы працуем над спісам з Беларуссю. Цяпер гэта ў працэсе. Але так, спіс існуе.
— У адным з апошніх сваіх допісаў у Х вы падкрэслілі, што вызваленне беларускіх палітвязняў — гэта цалкам заслуга ЗША. Тым не менш Офіс Ціханоўскай і іншыя палітыкі заяўляюць, што вы з імі кансультуецеся. Ці так гэта і з кім з дэмсілаў вы ці вашыя калегі па беларускім кірунку падтрымліваеце кантакт?
— Ёсць шмат людзей, якія заяўляюць, што я працую ці кансультуюся з імі, але гэта не так. Злучаныя Штаты — вось на каго я працую. Я не ведаю, хто гэта сказаў, але я не кансультуюся ні з кім з гэтых людзей. Я кансультуюся з урадам Беларусі і ўрадам ЗША. Вось што я раблю.
Чытайце таксама






